Аказваецца, не толькі Архімед калісьці спрабаваў перавярнуць зямны шар: у мінулым стагоддзі гэта намагаўся зрабіць іншы вучоны.


Але па парадку… Калі мы глядзім на геаграфічную карту з выявай паўночнага і паўднёвага паўшар’яў, то адным позіркам адразу ахопліваем усе мацерыкі і кантыненты, гэта значыць усю зямную сушу. Але гэта — выдумка картографаў. А вось рэальная задача: над якой кропкай зямнога шара ў зеніце павінен знаходзіцца касманаўт, каб з борта свайго карабля ўбачыць найбольшую паверхню цвёрдай зямлі? І дзе ён павінен быць, каб убачыць найбольшую колькасць акіянічных вод?
Паставіўшы такія пытанні, увесь зямны шар можна было б падзяліць на паўшар’і не па экватары, як гэта прынята цяпер у класічнай геаграфіі, а на паўшар’і кантынентальнае і воднае. Цэнтр першага павінен знаходзіцца каля вусця французскай ракі Луары — менавіта над ім у зеніце мусіў бы знаходзіцца касманаўт, калі ён хоча адначасова ўбачыць найбольшую плошчу зямной сушы. Цэнтр другога паўшар’я — воднага — размешчаны паблізу астравоў Новай Зеландыі.
Цікава, што сваю назву кантынентальнае паўшар’е апраўдвала б толькі з пэўнай нацяжкай: плошча сушы на ім складала б усяго 47%. З куды большымі падставамі сваю назву насіла б воднае паўшар’е — вадкая матэрыя займала б на ім 90,5%!
Такі спосаб разгляду зямной паверхні прапанаваў у мінулым стагоддзі нямецкі географ Карл Рытэр, які спрабаваў «перавярнуць» зямны шар, увёўшы іншыя каардынаты…