Калі 1 красавіка 1913 года англійскія падпісчыкі разгарнулі старонкі «Дэйлі мэйл», ім падалося, што «цвік» нумара — выступленне брытанскага лорда-хранiцеля пячаткі Норткліфа — занадта ўжо неверагодны нават для першакрасавіцкага жарту.

Ад імя газеты шаноўны джэнтльмен прапаноўваў 10 тысяч фунтаў стэрлінгаў таму, хто «за семдзесят дзве гадзіны перасячэ Атлантычны акіян ад любога пункта ў Злучаных Штатах да любога пункта Вялікабрытаніі або Ірландыі».

Бамбардзіроўшчык «Вікерс Вімі-Ролс»
21. Бамбардзіроўшчык «Вікерс Вімі-Ролс» (Англія, 1918). Рухавікі — 2х «Ролс-Ройс Ігл» VIII па 375 к.с. Размах — 21,1 м. Даўжыня — 13,2 м. Плошча крылаў — 122,4 м2. Узлётная маса — 6030 кг. Маса пустога — 3174 кг. Максімальная хуткасць — 161 км/г. Ёмістасць бакаў — да 3800 л. Бамбардзіроўшчык такога тыпу быў пераабсталяваны спецыяльна для трансатлантычнага пералёту Алкока і Браўна.

Ледзь скончылася сусветная вайна і «Дэйлі мэйл» нагадала пра даўно чаканыя 10 тысяч, як выклік акіяну кінулі дзясяткі амерыканскіх і англійскіх лётчыкаў, што прайшлі суровую школу паветраных баёў. На паўвостраве Ньюфаўндленд, які вянчае ўсходнюю ўскраіну Злучаных Штатаў, рыхтаваліся да старту тры англійскія і тры амерыканскія экіпажы. З усіх шасці поспех выпаў на долю англійскай каманды, якая складалася з прафесійнага ваеннага лётчыка Джона Алкока і яго напарніка — інжынера Артура Уітэн-Браўна, таксама праслужыўшага ўсю вайну ў каралеўскіх ВПС.
Уладальнік лётнага пасведчання № 368, выдадзенага Каралеўскім аэраклубам у 1912 годзе, Алкок быў вопытным пілотам і здолеў дамагчыся фінансавай падтрымкі ад фірмы «Вікерс». Яму прадаставілі двухматорны бамбардзіроўшчык — біплан «Вімі», дадатковае абсталяванне: бартавую радыёстанцыю, ветравы генератар, касцюмы з электрападагрэвам. У першыя ж гадзіны палёту 14 чэрвеня 1919 года лётчыкі пераканаліся, што грувасткая радыёстанцыя — не больш як бескарысны груз. Ветраны генератар заклініла, і ліквідаваць няспраўнасць можна было толькі на зямлі. Не нашмат больш карыснымі аказаліся і «цуда-касцюмы», што працавалі ад аўтаномных акумулятараў.
Каб не збіцца з курсу, Браўн арыентаваўся па зорках. Алкоку даводзілася то падымацца над аблокі, то апускацца ніжэй і весці машыну скрозь хмары. Да таго ж пачалі абмярзаць крылы і, што найгорш, карбюратары рухавікоў. Пакінуўшы штурманскія прыборы, Браўн вылез з адкрытай кабіны і па крыле, трымаючыся за расцяжкі, дабраўся да рухавіка. Лёд з карбюратара ён саскрабаў нажом. Ноч прайшла ў надзвычай небяспечных «прагулах» па крыле на вышыні 1000 метраў над Атлантыкай. Раніцай, праз 16 гадзін 12 хвілін пасля ўзлёту, «Вімі» ўткнуўся носам у ўзбярэжжа Ірландыі. Днём «Дэйлі мэйл» паведаміла свету, што Атлантыка пакарылася адважным англійскім лётчыкам.
Марка «Трансатлантычная авіяпошта», якую генеральны паштмайстар Ньюфаўндленда падрыхтаваў перад палётам Алкока і Браўна, вымушана была чакаць яшчэ цэлых 17 гадоў, перш чым над Атлантыкай прайшла першая паветраная лінія авіякампаніі «Дойчэ Люфтганза»...

«Фокер» F-VII в/3m
22. «Фокер» F-VII в/3m (Нідэрланды, 1926). Рухавікі — 3х «Райт Уірлвінд» J5-C па 223 к.с. Размах — 21,71 м. Даўжыня — 14,5 м. Плошча крыла — 67,6 м2. Узлётная маса — 6964 кг. Маса пустога — 2850 кг. Максімальная хуткасць — 207 км/г. На самалёце такога тыпу амерыканская лётчыца Амелія Эрхарт 17 ліпеня 1928 года пераляцела праз Атлантыку.

Этапным у шматгадовым спаборніцтве з атлантычнымі прасторамі стаў 1927 год. 21 мая, стартаваўшы напярэдадні ў Нью-Ёрку, 25-гадовы амерыканец Чарльз Ліндберг перасёк акіян на лёгкім аднаматорным самалёце фірмы «Раян». Як і яго папярэднікаў, Ліндберга натхняла шчодрая прэмія ў 25 тысяч долараў, заснаваная мільянерам Раймондам Ортэйгам. Дабіўшыся фінансавай падтрымкі, лётчык выбраў самалёт і пераабсталяваў яго паводле ўласных чарцяжоў. Ліндберг адмовіўся ад многіх цяжкіх прыбораў, слушна мяркуючы, што штурманскую памылку лягчэй выправіць, калі ёсць запас паліва. На выпадак няўдачы ён узяў з сабой рыштунак, пералік якога варта прывесці, бо гэтыя прадметы сёння складаюць аснову аварыйнага запасу любой авіяцыйнай экспедыцыі. Ліндберг узяў у самалёт два электрычныя ліхтарыкі, мотак шпагату, паляўнічы нож, чатыры факелы, герметычна запакаваныя запалкі, вялікую швейную іголку, два бочачкі з прэснай вадой, пяць банак кансерваў, дзве надзіманыя падушкі, камбінаваны сякеру-пілу... На шчасце, нічога з гэтага не спатрэбілася. Рухавік не падвёў, паліва хапіла, штурманскія разлікі аказаліся дакладнымі. Толькі аднойчы ў тумане, не знайшоўшы пад сабой разрэзаную берагавую лінію Ірландыі, Ліндберг знізіўся і, прыцішыўшы рухавік, удакладніў кірунак у шкіпера рыбацкага судна. Познім вечарам 21 мая з’явіліся агні Парыжа, і праз 33 гадзіны пасля старту з амерыканскага кантынента Ліндберг апынуўся ў абдымках парыжан. «Амаль паўгадзіны я не мог ступіць на зямлю, — успамінаў адважны пілот, — бо захопленая натоўп перадавала мяне з рук у рукі».
Чамусьці пералёт Ліндберга выклікаў значна большы рэзананс, чым першая перамога над Атлантыкай Алкока і Браўна. Магчыма, публіцы імпанавала маладосць Ліндберга, які рызыкнуў у адзіночку пайсці на гэтае складанае выпрабаванне.

«Юнкерс» W-33L «Брэмен»
23. «Юнкерс» W-33L «Брэмен» (Германія, 1927). Рухавік «Юнкерс» L5, 310 к.с. Размах — 17,6 м. Даўжыня — 10,6 м. Плошча крыла — 44,0 м2. Узлётная маса — 3700 кг. Маса пустога — 1470 кг. Максімальная хуткасць — 191 км/г. На гэтым самалёце ў 1927 годзе быў здзейснены першы пералёт праз Атлантыку з усходу на захад.

Вы звярнулі ўвагу: усе ўдалыя і няўдалыя спробы пераляцець Атлантыку пачыналіся ў Паўночнай Амерыцы. Лётчыкам дапамагаў вецер, які, як правіла, дзьме з захаду на ўсход. Да таго ж ля паўночнаамерыканскага ўзбярэжжа часта бывае дрэннае надвор’е. Лепш, лічылі пілоты, стартаваць у непагадзь, чым трапіць у яе пасля тысяч кіламетраў шляху, амаль без паліва і адхіліўшыся ад маршруту. Вымушаная пасадка ў густанаселенай Еўропе менш небяспечная, чым аварыя ў пустыннай тундры Лабрадора...
Пасля пералёту Ліндберга ў барацьбу за паветраную «блакітную стужку» Атлантыкі ўступілі немцы. Фірма «Юнкерс» спраектавала і пабудавала два самалёты тыпу W-33, адзін з якіх атрымаў назву «Брэмен», а другі — «Еўропа». 26 сакавіка 1928 года «Брэмен» пад кіраваннем немцаў Германа Келя, Е. Г. фон Хюнефельда і ірландца Джэймса Фіцморіса стартаваў з аэрадрома Белдонэл і праз 36 гадзін палёту прызямліўся на востраве Грынлі каля Лабрадора.
Да 1 ліпеня 1929 года лётчыкі многіх нацыянальнасцей на самых розных машынах здзейснілі 48 спроб пераадолець тысячамільныя прасторы Атлантыкі. 141 чалавек рызыкнуў уступіць у барацьбу са стыхіяй, 23 з іх загінулі ў акіянскіх хвалях. Толькі 11 спроб завяршыліся поспехам. І толькі ў 1936 годзе пачаліся рэгулярныя паштовыя перавозкі праз Атлантыку, якая сёння стала адной з найбольш ажыўленых паветраных магістраляў паміж Еўропай і Амерыкай. Акіян, які доўгія гады служыў неабсяжным палігонам для праверкі магчымасцей авіяцыі, канчаткова пакарыўся чалавеку.


На застаўцы: «Раян» NYP «Дух Сан-Луі» (ЗША, 1927). Рухавік «Райт» J-5-C, 223 к.с. Размах — 14,021 м. Даўжыня — 8,43 м. Плошча крыла — 29,2 м2. Узлётная маса — 2381 кг. Запас паліва — 1710 л. Максімальная хуткасць — 192 км/г. Эканамічная хуткасць — 173,8 км/г.