Няўдалая канструкцыя танкаў «Шнейдар» і «Сен-Шамон» прымусіла французаў шукаць новае рашэнне пастаўленай задачы.
Палкоўнік Эцьен настойваў на стварэнні лёгкіх і танных узораў, якія ён лічыў неабходным дапаўненнем да сярэдніх і цяжкіх. У сваім уяўленні ён ужо бачыў тысячы такіх машын, што атакавалі ў баявых парадках пяхоты. Урэшце, дзякуючы яго энтузіязму, у 1917 годзе быў пабудаваны самы ўдалы танк Першай сусветнай вайны.
Яшчэ ў снежні 1915 года Эцьен звярнуўся да Луі Рено, вядомага канструктара і ўладальніка найбуйнейшай у Францыі аўтамабільнай фірмы, прапанаваўшы яму заняцца стварэннем лёгкага танка. Рено спачатку адмовіўся, спасылаючыся на адсутнасць досведу ў вытворчасці браніраваных гусенічных машын. Але Эцьену ўсё ж удалося яго ўгаварыць, і ў снежні 1916 года канструктар прадставіў Кансультатыўнаму камітэту па артылерыі спецыяльнага прызначэння сваю мадэль. Афіцыйныя выпрабаванні пачаліся 9 красавіка 1917 года і завяршыліся поўным поспехам. Аднак час не чакаў. Фронт патрабаваў як мага больш лёгкіх і танных танкаў.
Эцьен павялічыў заказ да 2500 машын, уключыўшы ў яго і трэці варыянт «браняносца» — так званы радыётанк у якасці камандзірскага для сувязі паміж танкавымі часткамі, пяхотай і артылерыяй. Галоўнакамандуючы падтрымаў гэтую прапанову і, у сваю чаргу, павялічыў заказ да 3,5 тысячы. Пабудаваць такую колькасць машын у вызначаны тэрмін фірма «Рено» ў адзіночку ўжо не магла. Да вытворчасці танкаў далучылі яшчэ некалькі фірмаў: «Берлье», «Шнейдар», «Дэлоне-Бельвіль». Канструктары спачатку сутыкнуліся з нямалымі цяжкасцямі. Не адразу ўдалося наладзіць вытворчасць канічнай вежы. Таму першыя машыны выпускаліся з васьміграннай, клёпанай. Шмат часу заняла і распрацоўка сістэмы ўстаноўкі гарматы.
Новыя гусенічныя машыны (пад маркай «Рено FT» або «Рено М17» і «Рено М18») пачалі паступаць у французскую армію ў сакавіку 1918 года. Да канца вайны было выпушчана 3177 адзінак. Іх кампаноўка (рухавік, трансмісія, вядучае кола ззаду, аддзяленне кіравання спераду, а паміж імі — баявое аддзяленне з паваротнай вежай) стала класічнай.
Корпус, у адрозненне ад машын «Сен-Шамон» і «Шнейдар», быў канструктыўным элементам (шасі) і ўяўляў сабой каркас з куткоў і фасонных дэталяў, да якіх клёпкамі мацаваліся бранявыя лісты і элементы хадавой часткі.
Накіроўвальнае кола вялікага дыяметра дапамагала пераадольваць вертыкальныя перашкоды і выбірацца з варонак. На многіх машынах (для зніжэння шуму і вагі) яно выконвалася з дрэва. Гэта адзіны выпадак выкарыстання такога матэрыялу ў танкабудаванні. Для павышэння праходнасці «браняносцаў» праз рвы служыў хвост, замацаваны ззаду на восі. Паварочваючыся вакол яе, у паходным стане ён закідваўся на дах маторнага аддзялення.
Танк аказаўся простай, надзейнай і таннай машынай. Нізкі ўдельны ціск на грунт — 0,6 кг/см^2 — забяспечваў добрую праходнасць: ён мог пераадольваць пад’ёмы да 45° і рвы шырынёй да 1,8 м. Аднак хуткасць і запас ходу былі невялікімі. На працягу больш як 10 гадоў «Рено FT» служыў узорам пры канструяванні лёгкіх танкаў.
«Рено» выпускаўся ў чатырох варыянтах: кулямётным, гарматным, сігнальным або камандзірскім («Рено TSF») з нерухомай прамавугольнай рубкай, дзе размяшчаліся радыёстанцыя і тры члены экіпажа, і, нарэшце, з 75-мм гарматай («Рено BS»), усталяванай у адкрытай спераду і ззаду рубцы і якая страляла назад.
Баявая служба танкаў «Рено» была працяглай. Першы бой яны прынялі 31 мая 1918 года каля лесу Рэц, паблізу горада Суасон. У гады грамадзянскай вайны ў Расіі яны выкарыстоўваліся ў войсках белых і інтэрвентаў, а затым (як трафеі) — у Чырвонай Арміі. У 1925–1926 гадах яны ваявалі ў Марока супраць паўстанцаў-рыфаў, а ў 1936–1939 гадах — у Іспаніі, у войску рэспубліканцаў. Больш за тое, гэтыя гусенічныя машыны ўдзельнічалі нават у Другой сусветнай вайне. У 1920-х гадах у Італіі па тыпе «Рено» будаваўся танк «Фіят-3000А» узору 1921 года. Дзякуючы больш магутнаму рухавіку хуткасць дасягнула 22 км/г. У 1930 годзе ён быў мадэрнізаваны («Фіят-3000В») — на ім усталявалі новы рухавік і ўзмацнілі хадавую частку.
Чырвоная Армія захапіла ў ходзе грамадзянскай вайны каля 80 танкаў, у тым ліку і «Рено». Увосень 1919 года Савет ваеннай прамысловасці РСФСР прыняў рашэнне пачаць будаўніцтва танкаў па тыпе «Рено». Выбар яго ў якасці ўзору ва ўмовах разрухі і развалу прамысловасці быў найбольш разумным. Савецкія рабочыя і тэхнікі, здзейсніўшы сапраўдны працоўны подзвіг, з гонарам справіліся з пастаўленай задачай — 31 жніўня 1920 года першы танк савецкай вытворчасці выйшаў на хадавыя выпрабаванні. Ён атрымаў уласную назву «Барацьбіт за свабоду тав. Ленін». Да канца 1921 года былі здадзены яшчэ 14 машын гэтага тыпу, тады іх называлі КС або танк М. Ад французскага прататыпа ён адрозніваўся рухавіком і формай вежы. Пазней на КС усталявалі змешанае кулямётна-гарматнае ўзбраенне.
У 1920-я гады французы зрабілі шэраг спроб мадэрнізаваць «Рено». Аднак новыя машыны «Рено М24/25» апынуліся ўсяго толькі пераробкай старых — «Рено FT». Іх аснасцілі гумовай гусеніцай-стужкай і больш мяккай падвескай. Хуткасць пры гэтым узрасла да 12 км/г, зменшыўся расход паліва і павялічыўся запас ходу.
Далейшая мадэрнізацыя — новая хадавая частка, рухавік і трансмісія, а таксама некалькі змененая кампаноўка корпуса — прывяла да з’яўлення ў 1927 годзе танка «Рено NC1» (або NC27).
Уплыў «Рено FT» прасочваецца ў канструкцыях лёгкіх французскіх танкаў 1930-х гадоў: R35, H35, H40. Цяпер ён ужо адыгрываў адмоўную ролю: у вежы новых «браняносцаў» заставаўся ўсё той жа «майстар на ўсе рукі» — камандзір-наводчык-зараджаючы.

9. Французскі лёгкі танк «Рено FT». Баявая маса — 6,7 т. Экіпаж — 2 чал. Узбраенне — адна 37-мм гармата або 1 кулямёт. Таўшчыня брані — 16 мм корпус, 8 мм борт. Рухавік «Рено» — 35 к.с. Хуткасць па шашы — 7,8 км/г. Запас ходу па шашы — 35 км.
10. Японскі лёгкі танк «Оцу» (французскі «Рено NC1»). Баявая маса — 8,5 т. Экіпаж — 2 чал. Узбраенне — адна 57-мм гармата або 1 кулямёт. Таўшчыня брані — 30 мм лоб корпуса, 22 мм борт. Рухавік «Міцубісі» — 75 к.с. Хуткасць па шашы — 25 км/г. Запас ходу па шашы — 100 км.
11. Італьянскі лёгкі танк «Фіят-3000В». Баявая маса — 5,6 т. Экіпаж — 2 чал. Узбраенне — адна 37-мм гармата або спараныя кулямёты. Таўшчыня брані — 16 мм лоб і борт корпуса. Рухавік «Фіят» — 63 к.с. Хуткасць па шашы — 16 км/г. Запас ходу па шашы — 100 км.
На застаўцы — савецкі лёгкі танк М. Баявая маса — 7 т. Экіпаж — 2 чал. Узбраенне — адна 37-мм гармата, 1 кулямёт. Таўшчыня брані — 16 мм лоб і борт корпуса. Рухавік АМА — 34 к.с. Хуткасць па шашы — 8,5 км/г. Запас ходу па шашы — 60 км.