Ахвяруем дзясятак радкоў гучным імёнам: амерыканскія — «Гудзон», «Грэхем», «Джордан», «Дюзенберг», «Кайзер», «Кенінгхэм», «Корд», «Локамобіл», «Мармон», «Паккард», «Пасфайндар» (следапыт), «Пірс-Эрроў» (пранізлівая страла), «Прэм’ер», «Студэбекер» і «Стутц», французскія — «Амількар», «Бугаці», «Вуазен», «Іспана-Сюіза», «Ларэн-Дытрых», «Сальмсон», «Тальбо», «Тракта» і «Фарман», англійскія — «Армстранг-Сідлі», «Брысталь» і «Нэпір», нямецкія — «Брэнабор», «Ганза—Лойд», «Майбах», «Протос» і «Сімсон—Супра», бельгійскія — «Мінерва» і «Экcцэльсіор», італьянскія — «Ансальда», «Ізота—Фраскіні», «Італа»...
Ніводная з гэтых фірмаў сёння не выпускае легкавых аўтамабіляў. Нядаўна спыніла існаванне найстарэйшая — «Панар—Левасёр». У 80-х гадах мінулага стагоддзя фабрыкант Р. Панар палічыў выгадным пачаць вытворчасць аўтамабіляў і запрасіў у фірму свайго школьнага сябра, таленавітага інжынера Эміля Левасора, які стварыў так званую «класічную схему» аўтамабіля (гл. ТМ № 11, 1971). Пасля гібелі канструктара ў аўтамабільнай гонцы і смерці Р. Панара спадчыннікі выключылі з маркі прозвішча Левасора. Тым не менш фірма не ўтрымалася — яе паглынуў «Сітроен». Дарэчы, акцыі «Сітроена» даўно былі набыты фабрыкантам шын Мішленам, а пазней — фірмай ФІАТ.
Так і адбываецца заняпад маркі.
Звычайны для капіталістычнага свету лёс напаткаў і некалі вядомыя фірмы ЗША, што спецыялізаваліся на аўтамабілях высокага класа — «Паккард», «Пірс-Эрроў» і «Студэбекер». Іх добра ведаюць у нашай краіне. На «Паккардзе», які вылучаўся каляровай палоскай на дзвярах, фарамі-барабанамі і ўвагнутымі дыскамі колаў з чырвоным шасцікутнікам на ступіцы, ездзіў наркамваенмар К. Я. Варашылаў. Не сакрэт, што канструкцыя асобных механізмаў «Паккарда» і элементы яго знешнасці сталі асновай для ранніх праектаў легкавых ЗІСаў. Штабныя машыны і грузавікі «Пірс-Эрроў» працавалі на франтах Першай сусветнай і грамадзянскай войнаў, а трохвосевыя «Студэбекеры» перавозілі «кацюшы» і понтоны ў гады Вялікай Айчыннай вайны.
Фірмы «Пірс» і «Паккард» паглынуў «Студэбекер». Але гэта падмацаванне, як і поспехі на франтах, і намаганні вядомага дызайнера Рэйманда Лоўі, не выратавалі сам «Студэбекер» у яго барацьбе з «вялікімі» — «Фордам», «Крайслерам» і «Джэнерал Мотарс». Зніклі ў нябыт геральдычны лучнік «Пірса», студэбекераўскае кола на эмблеме, паккардаўскія арліца, што корміць птушанят, рыцарскі шлем і крылатая рэкламная фраза: «Спытайце пра аўтамабіль у таго, хто ім валодае!»
Дабрабыт заходніх фірмаў шмат у чым залежыць ад фінансавага становішча іх кліентаў. Аднойчы ў Маскве з’явілася «Мінерва» з вялізным крэслам у заднім адсеку кузава. Яе везлі на Усход для кіраўніка нейкага індыйскага княства. Пакуль везлі, князь або быў зрынуты, або збяднеў. Словам, не было каму плаціць за машыну — яна так і засталася ў Маскве. Яшчэ некалькі такіх кліентаў — і «Мінерва» спыніла існаванне.
Адзін з экземпляраў «Корда» належаў Герою Савецкага Саюза М. М. Громаву, які здзейсніў першы беспасадачны пералёт з Масквы ў ЗША. Магутны рухавік прыводзіў у дзеянне пярэднія колы (гл. ТМ №12, 1971). Арыгінальная і знешнасць машыны — невыпадкова Нью-Ёркскі музей сучаснага мастацтва аднёс «Корд» да дзясяткі найлепшых аўтамабіляў усіх часоў.
Цікавыя аўтамабілі, створаныя Паулем Даймлерам, бацькам і сынам Майбахамі, А. Хорхам, Ф. Поршэ, Г. Ледвінкай.
Рухавікі «Майбах» праславіліся на дырыжаблях Цэпеліна. Пасля Першай сусветнай вайны яны перайшлі на аўтамабілі. Адна з мадэляў так і называлася «Майбах-Цэпелін». Магутны рухавік дазваляў машыне пачынаць рух адразу на найвышэйшай перадачы і хутка разганяцца; толькі ў гарах даводзілася ўключаць адзіную паніжальную перадачу. «Майбах» выпускаўся да 1940 года.
Знакамітых аўтамабільных канструктараў дала свету Аўстра-Венгрыя. І да сёння квітнеюць чэхаславацкія прадпрыемствы «Татра» і «Шкода» (раней аўстрыйскія «Несельсдорфер» і «Лаўрын—Клемент»). Калісьці нядрэнна ішлі справы і ў фірмы «Аўстра-Даймлер». У яе аўтамабілях увасобіліся ідэі П. Даймлера, Г. Ледвінкі і Ф. Поршэ — будучага аўтара шэрагу мадэляў «Даймлер-Бенц» і «Фольксваген». Калі ўсе трое працавалі на «Аўстра-Даймлер», фірма выпусціла аўтамабіль з хрыбетападобнай трубой замест рамы, верхнеклапанным рухавіком, незалежнай падвескай колаў і нізкім кузавам строгай формы. Удалая мадэль не атрымала развіцця. Фірма не магла канкурыраваць з моцнымі супернікамі. Не задаволіўшыся маштабамі працы ў Аўстрыі, Ледвінка перайшоў у «Татру», Даймлер і Поршэ — пад зорку «Мерседэса». Поршэ пазней заснаваў уласнае канструктарскае бюро. Марка «Аўстра-Даймлер» знікла.
Знік і «каралеўскі» «Дюзенберг». Але перад тым, як сысці са сцэны, ён спадабаўся каралям гангстарскіх бандаў. Для іх каштоўнымі былі 320 конскіх сіл яго рухавіка (з кампрэсарам), якія ратавалі ад любых пераследнікаў, нягледзячы на дзве тоны брані ў канструкцыі кузава.
Нядаўна гэтыя машыны зноў сталі патрэбныя. На гэты раз «каралям» прамысловасці, якім сучасныя дарагія аўтамабілі здаюцца занадта падобнымі да машын простых людзей. І вось у ЗША адраджаюцца ў ранейшым выглядзе «Стутц», «Корд», «Бугаці», вялікі «Мерседэс» і, вядома ж, «Дюзенберг». Капіююцца старыя формы кузаваў і напаўняюцца найноўшымі механізмамі. Кузаў «Корда» скарацілі ва ўсіх памерах на адну пятую. Атрымаўся паменшаны варыянт «Корда», больш прыдатны для сучасных запоўненых аўтамабілямі вуліц.

1. «Мінерва» (Бельгія, 1913). Кузаў — 4-мясцовы тарпеда фірмы «Лабурдэт» (Парыж). Рухавік 4-цыліндравы, безклапанны, тыпу «Найт», 40 к.с. Хуткасць 90 км/г.
2. «Паккард», мадэль 640 (ЗША, 1928). Кузаў — 6-мясцовы фаэтон. Рухавік 8-цыліндравы, 106 к.с. Хуткасць 120 км/г.
3. «Дюзенберг», мадэль SJ (ЗША, 1932). Кузаў — 2-мясцовы родстэр з «рыбіным хвастом». Рухавік 8-цыліндравы, з кампрэсарам, 320 к.с. Хуткасць 210 км/г. (профіль машыны — мал. Х. Мута)
4. «Пірс-Эрроў», мадэль «Срэбная страла» (ЗША, 1935). Кузаў — 6-мясцовы «аэрадынамічны» седан. Рухавік двухрадны, 12-цыліндравы, 175 к.с. Хуткасць 185 км/г.
5. «Корд», мадэль 810/812 (ЗША, 1936). Кузаў — 6-мясцовы седан. Рухавік двухрадны, 8-цыліндравы, 125 к.с. Прывад на пярэднія колы. Хуткасць 175 км/г.
6. Апошні з «Студэбекераў», мадэль «Аванці» (ЗША, 1962), выкананая па праекце дызайнера Р. Лоўі. Кузаў — 4-мясцовае купэ. Рухавік двухрадны, 8-цыліндравы, 250 к.с. Хуткасць 210 км/г.































