Open menu

Палемізуючы з крытыкамі прамысловага мастацтва 20-х гадоў, В. Маякоўскі пісаў:
Таварышы,
вы бачылі Ройса?
Ройса,
які з ветрам зросся?
А калі стаіць —
кіт...


Інжынер Г. Ройс і арыстакрат Ч. Ролс паставілі перад сабой мэту — стварыць максімальна надзейны і камфортабельны аўтамабіль. У пачатку стагоддзя гэта лічылася фантазіяй. Але настойлівая праца кампаньёнаў прывяла да выпуску мадэлі «Сярэбраны дух». Машына аказалася настолькі дасканалай, што на працягу наступных дваццаці гадоў сур’ёзных пераробак не патрабавалася. Сваю назву яна атрымала дзякуючы бясшумнасці ходу і таму, што многія дэталі, якія былі на віду, мелі срэбнае пакрыццё.
«Ролс-ройс» быў, мабыць, першым з аўтамабіляў, якія сёння называюць «класікамі» (не блытаць з аўтамабілямі «класічнай схемы»!). Іх выпускалі аж да 30-х гадоў заводы, што нібыта стаялі ўбаку ад барацьбы буйных канкуруючых фірмаў. Збыт «класікаў» быў загадзя забяспечаны. Пакупнікі — банкіры, арыстакраты, зоркі спорту і кіно — гатовы былі заплаціць за аўтамабіль як мага даражэй, каб усе бачылі, наколькі яны багатыя. Для канструктараў праца на такога кліента ўяўляла асаблівую цікавасць. Бо можна было, не зважаючы на выдаткі, ажыццявіць любыя тэхнічныя і мастацка-афармляльныя задумы — стварыць своеасаблівы мастацка-тэхнічны твор. Канструяванне ператваралася ў мастацтва дзеля мастацтва.
Ад «класікаў» многія карысныя прылады перайшлі на машыны масавай вытворчасці: напрыклад, электрычны стартар, указальнікі павароту, сінхранізатары ў каробцы перадач. Упершыню з’явіўшыся на аўтамабілі «Кадылак», стартар паклаў пачатак новай эпосе: да гэтага запуск рухавіка быў цяжкай і небяспечнай працай, а цяпер стаў простым і даступным кожнаму. Праўда, паводле сваіх агульных паказчыкаў «класны» аўтамабіль адстае ад звычайных, канструктарам якіх даводзіцца праяўляць вынаходлівасць — палягчаць машыну, удасканальваць кампаноўку, патаннець вытворчасць. У канструкцыі «класікаў» цікавасць уяўляюць у асноўным толькі кузаў і рухавік.
Мастаку-канструктару, італьянцу Э. Бугаці, які працаваў у Францыі, раскоша «Сярэбранага духу» здалася недастатковай.
У аўтамабілях «Бугаці» канструктарскія навінкі дзіўным чынам спалучаліся са старомоднымі рашэннямі — жорсткай падвескай, тормазамі без фрыкцыйных накладак. Галоўную ўвагу канструктар надаваў пластычнай, скульптурнай, знешняй прыгажосці механізма. Напрыклад, яму здаваўся неэстэтычным раз’ём паміж галоўкай і блокам рухавіка. Таму галоўку рабілі няздымнай. А пярэдняя вось! Яе выраблялі з тоўстага сталёвага прутка, выточвалі знутры, кавальскай апрацоўкай надавалі патрэбную форму, а потым пранізвалі вось пакетамі рысорных лістоў. Усе дэталі храмавалі. Атрыманая канструкцыя выглядала стройнай і вытанчанай. Але калі яна гнулася ад моцнага ўдару пры наездзе на камень, вярнуць ёй першапачатковую форму было амаль немагчыма. Спіцы колаў некаторых мадэляў «Бугаці» — павуціна з… раяльных струн. Прыгожа! Але як захаваць іх цэлымі, як чысціць ад бруду! На большасці ж «Бугаці» ўсталёўвалі літыя алюмініевыя колы — таксама прыгожыя, лёгкія і зручныя ў эксплуатацыі.
А цяпер згадайце словы з папулярнага раманса: «Вас калыхае ў мяккай арэлі блакітная “Іспана-сюіза”». Ці ўсе ведаюць, што гэта пышнае імя належыць аўтамабілю? Яму ж прысвечаны вершы, нават раманы. За якія заслугі?
«Іспана-сюіза» ў перакладзе азначае «іспана-швейцарская». Канструктар М. Біркігт нарадзіўся ў Швейцарыі, а сваю дзейнасць пачаў у Барселоне. Перасяліўшыся ў 1914 годзе ў Парыж і заснаваўшы там новую фірму, ён захаваў у яе назве ўспамін пра радзіму і пра Іспанію. Пазней на корачку радыятара «Іспана-сюізы» з’явілася фігурка лятучага бусла — у гонар знакамітага лётчыка Першай сусветнай вайны Гінеме. Ён камандаваў эскадрылляй знішчальнікаў, на фюзеляжах якіх быў намаляваны бусел.
Вялікая даўжыня надавала аўтамабілю імклівы выгляд, хаця яго вышыня перавышала чалавечы рост. У кузаў заходзілі, не згінаючыся. Магутны рухавік забяспечваў высокую хуткасць, хуткі разгон, бясшумны ход. Блок рухавіка з любоўю апрацоўваўся рукамі вопытных майстроў і, быццам каштоўная ваза, пакрываўся трывалай эмаллю. Кожны асобнік «Іспана-сюізы» будавалі павольна, як дом, і каштаваў ён у 30–40 разоў даражэй за звычайны аўтамабіль. За чвэрць стагоддзя існавання фірмы з’явілася менш аўтамабіляў з сярэбраным буслом, чым цяпер выпускаецца «Масквічоў» за адзін дзень.
Калісьці «класікі» дэфілявалі па Елісейскіх Палях і алеях Булонскага лесу ў Парыжы, напаказ выстаўляючы багацце сваіх уладальнікаў. Цяпер гэтыя маркі выцеснены масавым аўтамабілем, а «класікі» стаяць у музеях, часам удзельнічаюць у прабегах аўтамабіляў-ветэранаў. Вось як гэта выглядае.
У рэвучы аўтамабільны паток з’яўляецца нешта незвычайнае, вялікае. Капот і накладныя колавыя дыскі ззяюць паліраваным алюмініем, а велізарныя фары — срэбрам. Кузаў абіты знутры аксамітам, а дах абцягнуты, у духу старадаўніх карэт, бліскучай скурай. Рулявое кола і аконныя рамкі — з чырвонага дрэва, панэль прыбораў апрацавана «марозам». Блішчаць на сонцы люстраныя шкла і крыштальныя ліхтарыкі. Над радыятарам імкнецца наперад легендарны бусел. За «Іспана-сюізай» ідуць «Вуазен», «Ройс». Павольна і ўрачыста гэтыя аўтамабілі заязджаюць на агароджаную пляцоўку, важна коцяцца па вузкім калідоры, утвораным натоўпам. Нязграбна манеўруюць (ужо вельмі яны доўгія!), рыпяць тормазамі, выбудоўваюцца «ёлкай». З іх выходзяць дамы і спадары, апранутыя паводле моды 20-х гадоў у капелюшы-шлемы, клеткавыя кепі, пярэстыя доўгія шалікі, боты са шнуроўкай і штаны «нікер-бокер». Гледачы зазіраюць пад капоты, пстрыкаюць затворамі фотаапаратаў. А пад аўтамабілямі неўзабаве ўтвараюцца алейныя лужынкі.
Што зробіш, старасць!

1. «Ролс-ройс», мадэль «Сярэбраны дух» (Англія, 1907–1926). Кузаў — 6-месны дубль-фаэтон. Рухавік 6-цыліндравы, каля 50 к.с. Хуткасць да 130 км/г.

2. «Адлер», мадэль «Стандарт-8» (Германія, 1929–1933). Кузаў — 4-месны кабрыялет, спраектаваны вядомым архітэктарам В. Гропіусам у стылі Баухаўз. Рухавік 8-цыліндравы, 70 к.с. Хуткасць 100 км/г.

3. «Бук’ялі», мадэль TAV-30 (Францыя, 1930–1932). Кузаў — 4-месная берліна. Рухавік 16-цыліндравы, 155 к.с. Хуткасць 150 км/г.

4. «Бугаці», мадэль 41 «Руаяль» (каралеўская). Кузаў — 4-месны седанка-дэ-віль (гарадское купэ). Рухавік 8-цыліндравы, 250–300 к.с. Хуткасць каля 200 км/г.

5. «Іспана-сюіза», мадэль K6 (Францыя, 1928–1933). Кузаў — 4-месны кабрыялет-лімузін. Рухавік 6-цыліндравы, 120 к.с. Хуткасць 150 км/г.

6. «Вуазен», мадэль «Аэрадынамік» (Францыя, 1935). Кузаў — 6-месны седан. Рухавік 6-цыліндравы, 150 к.с. Хуткасць звыш 150 км/г.