1914 год аэраплан сустрэў зусім не ў стане поўнай баявой гатоўнасці. Спробуючы ператварыць свае неўзброеныя самалёты ў знішчальнікі аэрапланаў ворага, самыя адчайныя і ўмелыя пілоты ішлі на таран.

8 верасня 1914 года знакаміты вынаходнік «мёртвай пятлі», рускі лётчык Пётр Нестераў знішчыў самалёт праціўніка таранам. Манапланы і біпланы, сканструяваныя ў лепшых традыцыях перадваеннай спартыўнай авіяцыі, часам узбройваліся звычайнымі пяхотнымі кулямётамі, агонь якіх, як правіла, быў безвыніковы. Найчасцей агнявую моц самалёта складаў асабісты афіцэрскі рэвальвер пілота. Сутыкнуўшыся ў небе, супернікі абменьваліся бязладнай стральбой і пагрозлівай жэстыкуляцыяй. І толькі вясной 1915 года пачаўся лік сапраўды збітым самалётам: французскія манапланы «Маран» пачалі знішчаць амаль неўзброеныя машыны ворага. Аднак неўзабаве немцам дасталася цалкам цэлая «Маран», якая здзейсніла вымушаную пасадку на тэрыторыі праціўніка. Яе пілотам быў сам аўтар выдатнай зброі — жорстка замацаванага на аэраплане кулямёта, што страляў праз дыскавы пропелер, — французскі лётчык і вынаходнік Гарро. Лопасці вінта «Марана» былі абсталяваныя металічнымі накладкамі-адсекальнікамі — ад іх рыкашэтам адскоквала 7% выпушчаных куль. Праз паўгода немцы выпусцілі «Фокеры» з адным, а пазней з двума і нават трыма кулямётамі, сінхранізаванымі з кручэннем вінта.

7. «Ньюпор XVII» (Францыя, 1916). Рухавік «Рон», ратацыйны, 110 к.с. Палётная вага — 565 кг.
Размах — 8,22 м. Даўжыня — 5,74 м. Хуткасць — 177 км/г. Узбраенне — 1 кулямёт, калібр 7,62 мм.
Самалёт паказаны з апазнавальнымі знакамі рускай авіяцыі.

Так з'явіўся самалёт-знішчальнік — баявая машына, прызначаная для барацьбы з авіяцыяй праціўніка. Пра тое, якое значэнне адразу пасля свайго з'яўлення набыла гэта новая зброя, лепш за ўсё сведчыць статыстыка: з 12250 англійскіх, французскіх, нямецкіх і аўстрыйскіх самалётаў, збітых у гады Першай сусветнай вайны, 9900 было знішчана знішчальнікамі. Астатнія — справай зенітнай артылерыі.

«Сопвіч-Кэмел» быў маленькі люты звярок, — пісалі англійскія газеты таго часу — трапная характарыстыка, якая падыходзіць да любога прадстаўніка гэтага сямейства баявых самалётаў.

Ператварэнне тыповага для пачатку вайны двухмеснага ваеннага самалёта (пілот і лётчык-назіральнік) у сапраўдны манеўраны знішчальнік пачалося з палягчэння і памяншэння машыны — яна стала аднамеснай. «Скаўты» — так называліся тады такія машыны — вядуць сваю гісторыю ад хуткасных гоначных самалётаў «Дэпэрдзюссэн» і «Ньюпор».

У 1915 годзе з'явіўся «Ньюпор XI», створаны спецыяльна для барацьбы з аэрапланамі праціўніка. Ён цалкам апраўдваў назву, дадзеную немцамі машынам такога роду — «ягдфлюгцойг» («самалёт-паляўнічы»).

Пачаўшы вайну як манаплан, «Ньюпор» цяпер ператварыўся ў біплан. Жорсткая каробка, утвораная двума крыламі, дазваляла яму выконваць фігуры вышэйшага пілатажу без рызыкі разваліцца на часткі. Выдатная манеўранасць, што лічылася абавязковай для «скаўта», патрабавала вялікай плошчы нясучых паверхняў. Крыло манаплана ў такім выпадку моцна выцягнулася б у даўжыню і шырыню і не змагло б вытрымаць рэзкіх манеўраў знішчальніка. Вёрткі «Ньюпор» з лёгкасцю займаў выгадную пазіцыю для абстрэлу непаваротлівага манаплана «Фоккер Е-1».

8. «Спад VIII» (Францыя, 1916). Рухавік «Іспана-Сюіза», 150 к.с. Размах — 8,20 м. Даўжыня — 6,30 м.
Хуткасць — 180 км/г. Узбраенне — 2 кулямёты, калібр 7,62 мм.

Перавага французскіх знішчальнікаў стала яшчэ больш відавочнай з’яўленнем знакамітых «Спад VII» і «Спад VIII» канструкцыі Бешаро. Прататыпам гэтых машын быў перадваенны гоначны «Дэпэрдзюссэн». Праўда, падпарадкоўваючыся патрабаванням часу, Бешаро зрабіў новыя машыны біпланамі.

Абсталяваны рухавіком «Іспана-Сюіза» магутнасцю 150 к.с., «Спад VII» развіваў хуткасць каля 180 км/г і апынуўся самым хуткім з усіх тагачасных ваенных самалётаў. Узбраенне біплана складалася з аднаго сінхроннага кулямёта з вялікім запасам патронаў — 500 штук. Менавіта на «Спадзе VII» ляталі знакамітыя асы Першай сусветнай вайны — Фонк (75 перамог), Гінеме (53), Нунжэсэр (43).

Ад поўнага знішчэння нямецкую авіяцыю выратавалі «Альбатросы» — серыя біпланаў і паўтарабіпланаў з меншай, чым у «Спада VII», нагрузкай на крыло. Нямецкія аэрапланы пераўзыходзілі французскія па хуткасці набору вышыні і столі палёту.

У 1916 годзе англійская фірма Sopwith выпускае вельмі лёгкі (580 кг) знішчальнік-біплан «Пап» з незвычайна малой нагрузкай на нясучыя паверхні (25 кг/м²). І хоць самалёт саступаў «Спадам» і «Альбатросам» у хуткасці, выдатная манеўранасць рабіла яго вартым супернікам нямецкіх машын.

Далейшае развіццё знішчальніка ішло ў двух напрамках: палягчэнне самалётаў і змяншэнне ўдельнай нагрузкі з дапамогай трэцяга крыла. У тым жа 1916 годзе з’яўляецца «Сопвіч-трыплан», абсталяваны трыма крыламі аднолькавай даўжыні, а ў 1917 годзе, працягваючы сямейства лёгкіх машын, — «Сопвіч-Кемел». Гэты максімальна палегчаны знішчальнік (600 кг) прызначаўся для адбіцця налётаў «Цэпелінаў» і нямецкіх цяжкіх бамбардзіроўшчыкаў і быў узброены двума сінхроннымі і адным зенітным кулямётам: ён размяшчаўся над верхнім крылом і трымаў пад прыцэлам усю верхнюю паўсферу.

9. «Сопвіч-трыплан» (Англія, 1917). Рухавік «Клержэ», 130 к.с. Палётная вага — 699 кг.
Размах — 8,08 м. Даўжыня — 5,74 м. Хуткасць — 182 км/г. Узбраенне — 1 кулямёт, калібр 7,62 мм.
На некаторых машынах усталёўвалі адзін зенітны кулямёт над верхнім крылом.

Немцы праявілі вялікую аператыўнасць і імгненна адказвалі на навінкі праціўніка будаўніцтвам удасканаленых машын. Пры гэтым яны пераймалі ў ворага найбольш важныя ўдасканаленні. Так здарылася і з трыпланам — у 1918 годзе фірма «Фоккер» выпусціла трохкрыльны знішчальнік «Фоккер Dr-I»... На гэтай машыне лётаў і быў збіты самы ўдалаў з усіх асаў Першай сусветнай вайны барон фон Рыхтгофен, празваны «чырвоным баронам» з-за афарбоўкі яго «Фоккера». На рахунку Рыхтгофена — 80 афіцыйных перамог (пацверджаных трыма і больш сведкамі).

Аднак трыпланы так і не прыжыліся ў знішчальнай авіяцыі — аптымальнай машынай для манеўранага паветранага бою таго часу аказаўся біплан. І ўвогуле, нягледзячы на багацце тыпаў знішчальнай авіяцыі Першай сусветнай вайны, самалёт-атакоўнік «скаўт» мала змяніўся да канца баявых дзеянняў. Нязменнай засталася нават колькасць нервюр у крыле. Лётныя і баявыя якасці паляпшаліся галоўным чынам за кошт магутнасці матора, выкарыстання асноваў аэрадынамікі і павелічэння магутнасці ўзбраення. Здавалася, што немагчыма болей удасканаліць знішчальнік, перапланаваць яго: машына нібы «ляпілася» вакол пілота, і гэты самы кансерватыўны «элемент» самалёта дыктаваў склаўшуюся канструкцыю аднаместнай машыны.


На заставе: «Альбатрос D-Va» (Германія, 1917). Рухавік «Мэрсэдэс», 170/185 к.с. Палётная вага — 937 кг. Размах — 9,05 м. Даўжыня — 7,33 м. Хуткасць — 187 км/г. Узбраенне — 2 кулямёты, калібр 7,62 мм.