Каля ста гадоў таму, калі аўтамабілі ва ўсім свеце можна было пералічыць па пальцах, нікому і ў галаву не прыходзіла як-небудзь іх улічваць. Але з цягам часу патрэба ў тым наспела. І тады, не мудруючы хітра, вырашылі скарыстацца багатым вопытам рэгістрацыі экіпажаў вазніц і ламявікоў.
Першыя рэгістрацыйныя знакі ўяўлялі сабой таблічку з простым парадковым нумарам, якую выдавалі гарадскія ўлады. Змяшчалі яе на самым бачным месцы машыны. Але вось у 1901 годзе берлінскі камерсант Рудольф Гертцог нечакана выступіў у незвычайнай для сябе ролі наватара. Жадаючы дагадзіць сваёй маладой жонцы Іаганне Анкер, ён накрэсліў на знаку толькі што купленага аўто яе ініцыялы. Так з'явіўся першы ў свеце камбінаваны індэкс IA-1 (гл. мал. 1 на 3-й стар. вокладкі). І гэтыя літары сталі традыцыйнымі для берлінскіх машын! Пасля літарным кодам сталі пазначаць горад ці мясцовасць, дзе аўтамабіль прапісаны.
А таблічкі з лічбавымі абазначэннямі з'явіліся ў Мюнхене яшчэ ў 1899 годзе. Іх прымяненне стала абавязковым у Парыжы з 1900 года, у Нью-Ёрку — з 1901-га, у Лондане — з 1903-га.
У Расіі такія знакі былі ўведзены ў пачатку XX стагоддзя. Яны ўяўлялі сабой парадкавыя нумары зноў рэгіструемых машын. Так, прынятаму на ўлік яшчэ перад першай сусветнай вайной аўтамабілю «ролс-ройс», на якім пасля ездзіў У. І. Ленін, выдалі таблічку з лічбай 236 (мал. 2). Гарадскія ўправы выдавалі звычайна па дзве таблічкі — для ўстаноўкі спераду і ззаду. Дапускалася нанясенне пярэдняга знака фарбай на рашотцы радыятара, як, скажам, практыкавалася ў Італіі (мал. 3).
У першыя ж гады пасля рэвалюцыі органы Савецкай улады прынялі дэкрэты аб арганізацыі аўтамабільнага транспарту. У іх ішла гаворка аб перапісе аўтамабіляў і матацыклаў, аб правілах дарожнага руху. 13 чэрвеня 1920 года быў апублікаваны і дэкрэт «Аб нумарных знаках». Ён прадпісваў усталёўваць пярэдні знак на левым крыле машыны, а задні — на кузаўной частцы або асаблівай стойцы не вышэй за аршын ад зямлі. «Нумарныя знакі, — гаварылася ў дэкрэце, — павінны ўтрымлівацца ў чысціні і спраўнасці і цалкам адпавядаць свайму прызначэнню: пазнаванню на хаду машыны. Самапісныя знакі не дапускаюцца».
«Прыпісныя пасведчанні» той пары працягвалі парадкавую нумарацыю аўтамабіляў, праўда, лічбы сталі ўжо чатырох- і пяцізначнымі (мал. 4). Затым да іх дадалі літарныя індэксы. У 30-я гады правялі перарэгістрацыю машын, а ў канцы 50-х увялі новую сістэму нумарных знакаў, якая існуе і цяпер. Так на айчынных аўтамабілях агульнага прызначэння з'явіліся чорныя таблічкі з 4 лічбамі і 3 літарамі белага колеру, пярэднія — аднарадковыя (мал. 6), заднія — двухрадковыя (мал. 10).
Першыя літары серыі — гэта код горада, вобласці, края, саюзнай ці аўтаномнай рэспублікі, дзе зарэгістравана машына. Напрыклад: МО, МК — Масква, ЛЕ, ЛД — Ленінград, КЖ — Калужская вобласць, ТТ — Татарская АССР, МД — Малдаўская ССР. Трэцяя літара серыі — чарговая парадкавая літара алфавіта. У выніку кожны знак з аднолькавай серыяй з дзвюх першых літар можа ўключаць 9999 парадковых нумароў, памножаных на 27 літар, паколькі Е, Й, Ь, Ъ, Ы не прымяняюцца. Але з цягам часу і такой колькасці знакаў стала не хапаць. Таму паступова сталі ўводзіць новыя індэксы, якія складаліся з літар, часта не ўваходзячых у назву мясцовасці.
На таблічках сталічных машын у літарных серыях з'явіліся спалучэнні ММ, МН, ME. А для некаторых гарадоў і абласцей «хадавых» літар не хапіла. Убачыўшы нумар з першай літарай Ю, не спрабуйце ўспомніць горад, назва якога пачынаецца з яе. Такія аўтамабілі — з Маскоўскай вобласці. Спалучэнне ЦПА адносіцца да Новарасійска, паколькі больш зразумелае НО аддалі Ноўгараду. Для машын, якія накіроўваюцца за мяжу, ужываюцца літары, аднолькавыя па напісанні з лацінскімі, да прыкладу АВТ, ВЕК, СОТ.
З 1 студзеня 1980 года ў нашай краіне для рэгіструемых транспартных сродкаў уводзяцца новыя нумарныя знакі. Яны выкананы чорнай фарбай на белым фоне. Прынцып пабудовы застаўся ранейшым, але для павелічэння колькасці магчымых рэгістрацый прадугледжаны іх асобныя віды для індывідуальных машын (мал. 25) і аўтамабіляў дзяржаўных устаноў і прадпрыемстваў (мал. 7). Як і раней, спецыяльныя таблічкі прадугледжаны для прычэпнага складу (мал. 5), трактароў, матацыклаў. Новыя знакі можна чытаць на адлегласці, на 30—40% большай, чым старыя. Яны стануць неад'емным элементам знешняй сігналізацыі — дзякуючы святлоадбіваючай плёнцы выразна абазначаць праязджаючым машынам варты ў цемры без асвятлення аўтамабіль на адлегласці да 400 м. Для хуткасных легкавых машын перавага аддадзена аднарадковаму размяшчэнню індэксаў. Даследаванні паказалі: яны ўспрымаюцца хутчэй, чым двухрадковыя. Спрасцілі шрыфт, што дазволіць лёгка бачыць нумар машыны, якая імчыцца, на адлегласці 40 м, што раней было практычна немагчыма.
У апошнія гады спецыялісты схіляюцца менавіта да чорных індэксаў на белым фоне. Дарэчы, самыя першыя рэгістрацыйныя таблічкі былі менавіта такімі. Яны і цяпер застаюцца самымі папулярнымі — прыняты ў ГДР, Венгрыі, Балгарыі, ЧССР, Югаславіі (мал. 9), Швецыі, Швейцарыі (мал. 15), ФРГ (мал. 12). Нават Англія, дзе белыя надпісы на чорным фоне сталі ўжо традыцыйнымі за многія дзесяцігоддзі (мал. 11), пачала пераход на новыя знакі.
Аднак спалучэнне «белае на чорным», якое з'явілася ў нас у 30-я гады, мы яшчэ доўга будзем бачыць на нумарных знаках, пакуль не скончыцца поўны пераход на новую гаму. Такой жа сістэмы прытрымліваюцца Польшча, Аўстрыя, Фінляндыя, Францыя, Індыя, Італія (мал. 18), некаторыя краіны Азіі і Афрыкі.
Жоўты і аранжавы фон ужываецца ў Бразіліі, Аўстраліі (мал. 17), Кітаі, а таксама для задніх англійскіх нумароў. Чырвоныя знакі можна заўважыць у Бельгіі і Францыі (мал. 14), сінія і блакітныя — у Галандыі і Манака (мал. 27). Чырвоныя індэксы на белым фоне сустракаюцца на бельгійскіх (мал. 19) і чэхаславацкіх нумарах, у Японіі для іх выкарыстаны зялёны колер (мал. 13).
Асаблівай стракатасцю адрозніваюцца таблічкі ЗША і Канады (мал. 21, 22, 23 і 28), дзе кожнаму штату ці правінцыі, кожнаму віду транспарту надана свая афарбоўка.
Найбольш простая і зручная для чытання форма рэгістрацыйнай таблічкі — прамавугольнік з аднарадковым запісам. Больш ускладненыя формы звычайна служаць для ціхаходных транспартных сродкаў. З 1980 года прамавугольнік зрэзанымі верхнімі кутамі прыняты ў нас для трактарных прычэпаў, а са скошанымі ніжнімі кутамі — для аўтапрычэпаў (мал. 5) і трактароў.
Італьянскія аўтамабілі лёгка пазнаць па мініяцюрным пярэднім знаку, уведзеным яшчэ ў 1927 годзе (мал. 18). Ён такі малы, што яго можна закрыць далонню. Яго цяжка не толькі прачытаць, але проста заўважыць на хутка аўтамабілі, які імчыцца. Толькі нядаўна ў мэтах павышэння кантролю за рухам яго памеры былі некалькі павялічаны.
А вось французскія знакі маюць у даўжыню больш за паўметра. У іх у адзін шэраг запісаны 6 лічбаў і 2—3 літары. Адны з самых кароткіх індэксаў — фінскія, у іх усяго 4—5 знакаў. Самымі складанымі былі аўстрыйскія знакі 20-х гадоў, якія складаліся з адной літары і набору з арабскіх і лацінскіх лічбаў, напрыклад A-XXXIV-365.
Яшчэ нядаўна на нашых дарогах можна было сустрэць «старушкі» «Перамогі» і ЗІМы толькі з адным заднім жоўтым знакам, выдадзеным у 40—50-я гады, калі гэта дапускалася правіламі. У Паўночнай Амерыцы іншая крайнасць. Там міжгародныя аўтобусы і грузавікі, якія ідуць праз некалькі штатаў ці правінцый, літаральна абвешаны нумарамі, якія сведчаць іх рэгістрацыю ва ўсіх транзітных і канчатковых раёнах (мал. 16).
За мяжой значэнні надпісаў на сучасных нумарных знаках аналагічныя нашым: лічбы — парадкавы нумар рэгістрацыі, а літарны індэкс азначае мясцовасць «пропіскі» машыны. Але ёсць выключэнні. Так, у англійскіх кодах апошняя літара паказвае на год выдачы таблічкі (мал. 11), а асобнымі лічбамі на кубінскіх і французскіх нумарах зашыфраваны правінцыя або дэпартамент. У Японіі назвы гарадоў або мясцовасцей выражаюцца наборам геаметрычных фігур. Да прыкладу, горад Токіа кадзіруецца трыма квадрацікамі (мал. 13). Верхняя лічба 3 азначае, што машына належыць прыватнаму ўладальніку. Прадпрымальны жыхар ЗША Даг Бакстэр абраў для свайго «фольксвагена», які адрозніваецца ад амерыканскіх машын павышанай эканамічнасцю, незвычайны індэкс 37-MPG (мал. 20), які расшыфроўваецца як «37 міль на галон». Гэта азначае, што на адным галона бензіну можна праехаць 37 міль (у нашых адзінках адпавядае расходу 6,36 л на 100 км шляху). На ўсіх амерыканскіх знаках можна прачытаць назвы штатаў, дзе яны выдадзены, год выдачы, а таксама... кароткія рэкламныя надпісы тыпу: Мантана — «вялікая лыжная краіна» (мал. 21), Ілінойс — «штат Лінкальна» (мал. 28) і г. д. Ды і наогул на амерыканскіх і канадскіх таблічках нярэдкія рознага роду лішнествы: контуры штата (мал. 21), белага мядзведзя (мал. 22), зорачкі (мал. 23), гербы. Дарэчы, самыя маленькія дзяржавы Еўропы — Андора і Ліхтэнштэйн — для лепшай пазнавальнасці забяспечваюць нумарныя знакі сваімі гербамі (мал. 8). А ў Швейцарыі, акрамя сцяжка швейцарскай канфедэрацыі, наносіцца яшчэ і герб кантона, дзе зарэгістраваны аўтамабіль (мал. 15). На нумарах Манака (мал. 27) у левай частцы змяшчаецца выява, якая таксама нагадвае герб. Аднак гэта толькі складзены з ружовых ромбікаў паказальнік тэрміну дзеяння знака — адзін ромбік адпавядае аднаму году. Жывапісныя азіяцкія і афрыканскія знакі, забяспечаныя надпісамі на мовах гэтых краін. Некаторыя дзяржавы, напрыклад, Ліван, уводзяць назвы сваёй краіны (мал. 24), а ў Марока па-арабску паказваецца горад, дзе выдадзены знак (мал. 26).
ЯЎГЕН КОЧНЕЎ, інжынер
