Open menu

Лацінскае слова «omnibus» у перакладзе азначае: для ўсіх, агульны. Транспартным тэрмінам яно стала каля двухсот гадоў таму, калі з’явіліся экіпажы для грамадскага карыстання.

Іх называлі павозкамі-омнібусамі, а потым — для сцісласці — проста омнібусамі. Наступную трансфармацыю назва перажыла з з’яўленнем шматмесных пасажырскіх аўтамабіляў-омнібусаў. Пазней два словы зліліся, і атрымалася — аўтобус. У многіх краінах кажуць (і пішуць!) проста «бус», хаця такое спалучэнне гукаў само па сабе нічога не азначае.
Але таксі таксама прызначана для ўсіх, аднак яго не называюць аўтобусам! Аўтобусам прынята лічыць аўтамабіль з колькасцю пасажырскіх месцаў больш за сем–дзевяць. Ён адрозніваецца і тым, што пасажыры рухаюцца па строга вызначаных маршрутах і выходзяць там, дзе ім зручней.
Першыя аўтобусы прыватных кампаній мала чым адрозніваліся ад вагонаў конкі — выглядалі так жа і рухаліся не хутчэй. «Абутыя» яны былі ў суцэльныя «літыя» гумовыя стужкі: машыны ўяўлялі сабой грузавыя шасі з кузавамі карэтнай канструкцыі.
Камунальныя гарадскія аўтобусы з’явіліся ў нашай краіне толькі пасля рэвалюцыі. Спачатку даводзілася абыходзіцца машынамі замежных марак, але неўзабаве Яраслаўскі аўтазавод наладзіў выпуск аўтобусных шасі, а Маскоўскі кузаўны завод — кузавоў для іх, па ўзоры англійскіх «Лейландаў». У канструкцыі кузава шырока ўжывалася дрэва: на каркас, унутраную абшыўку (чорныя, белыя і жоўтыя паліраваныя планкі, так званая вагонка), бакавыя рашэцістыя фальшборты, падножкі, дзвярныя і аконныя рамы. Верхнія вокны рабілі з каляровага рыфлёнага шкла. Над дахам узвышаўся ліхтар з нумарам маршруту. Бакавіны кузава ўпрыгожваў герб Маскоўскага савета. Асветленыя знутры, такія аўтобусы надавалі прыпынкам святочны выгляд.
Асновай пазнейшых аўтобусаў ЗІС-8 і ЗІС-16 зноў-такі служыла падоўжаная шасі грузавіка ЗІС-5 (гл. «ТМ», 1972, № 1). ЗІС-16 адрозніваўся моднай у той час, але наўрад ці мэтазгоднай для гарадской машыны, абцякальнай формай кузава і завостранай храмаванай абліцоўкай радыятара.
Лёгка зразумець здзіўленне гараджан, прывыклых да аўтобусаў з традыцыйным рухавіком, што выступае наперад, калі на вуліцы выйшлі машыны вагоннага тыпу. Эксперыментальныя ўзоры тады праходзілі эксплуатацыйныя выпрабаванні. Многія прымалі іх за тралейбусы (якія да таго часу ўжо з’явіліся ў Маскве). Толькі прыгледзеўшыся да НДІГТ (мадэль Інстытута гарадскога транспарту) і НАМІ-А, можна было заўважыць рашоткі радыятараў і выхлапныя трубы.
Што такое аўтобус вагоннага тыпу? Уявіце: трэба размясціць у машыне столькі пасажыраў, каб іх маса адпавядала грузападымальнасці базавай мадэлі (ЗІС-5 — 3 т). У гэтым выпадку даўжыню аўтамабіля давялося б давесці да 11 м (людзей жа не ўпакуеш, як груз). Ён стаў бы непаваротлівым, цяжкім, займаў бы шмат месца на вуліцы. Таму ў ЗІС-8 толькі 21 месца, а ў ЗІС-16 — 26 замест магчымых сарака! У аўтобусе вагоннага тыпу рухавік усталёўваецца побач з сядзеннем вадзіцеля, а часам — у задняй частцы машыны. Гэта дае магчымасць павялічыць салон і ліквідаваць неадпаведнасць паміж умяшчальнасцю і грузападымальнасцю машыны. Перавозка аднаго пасажыра ў вагонным аўтобусе абыходзіцца ў паўтара раза танней, чым у тым, што зроблены на шасі грузавіка. Прыклад таму — аўтобус НДІГТ.
Схема з заднім папярочным размяшчэннем рухавіка перайшла на першы ў СССР серыйны вагонны аўтобус ЗІС-154; толькі замест бензінавага рухавіка паставілі дызель, а механічную трансмісію замянілі электрычнай. Асаблівасць машыны — нясучы кузаў замест цяжкай рамы шасі.
Паміж аўтобусамі і грузавымі аўтамабілямі засталося так мала агульнага, што цяпер «омнібусы» выпускаюць на спецыялізаваных заводах — такіх, напрыклад, як Львоўскі або Лікінскі. Сучасныя машыны будуюць па схемах з пярэднім і заднім размяшчэннем рухавіка. На гэтым, уласна, і заканчваецца іх падабенства з аўтобусамі-ветэранамі. Жорсткія металічныя рысоры саступілі месца гумовым балонам са сціснутым паветрам, якія надаюць машыне плыўнасць ходу і не дазваляюць кузаву прасядаць незалежна ад нагрузкі. Вадзіцель аўтобуса працуе нават у лепшых умовах, чым яго калега на легкавым аўтамабілі, — сядзенне рэгулюецца па вышыні і па вугле нахілу і ўсталявана ў самай пярэдняй частцы кузава, адкуль добра відаць дарогу.
Да таго ж не трэба марнаваць сілы і ўвагу на пераключэнне перадач — трансмісія аўтаматычная, няма ні рычага перадач, ні педалі счаплення. Вынік — высокая сярэдняя хуткасць і бяспека руху.
Гэтыя ўдасканаленні не пашкодзілі б і любому аўтамабілю. А для аўтобуса без іх не абысціся (нягледзячы на складанасць і дарагоўлю некаторых прылад), бо ён — машына грамадская.
У буйных гарадах патрабуюцца машыны ўсё большай умяшчальнасці. І яны з’явіліся. Сачлененыя аўтобусы, здольныя перавозіць 200 чалавек. Усяму свету вядомы венгерскі завод «Ікарус», які выпускае такія супераўтобусы.
Няцяжка ўявіць, што ў будучыні, калі ўзрасце колькасць і аўтобусаў, і асабістых аўтамабіляў, і таксі, калі палепшацца іншыя віды транспарту, у гарадскіх аўтобусах не ўбачыш стаячых пасажыраў. Зменшыцца вышыня гэтых машын, яны стануць нібыта вялікімі легкавымі аўтамабілямі. Не выключана, што адпадзе патрэба ў вадзіцелях. Бо аўтобусы ходзяць па вызначаных маршрутах, і іх рух паддаецца праграмаванню.

1. Ранні аўтобус фірмы Benz «Gaggenau» (Германія, 1911). Колькасць месцаў для сядзення — 20 у кузаве, 12 на імперыяле; усяго (са стаячымі пасажырамі) 40. Рухавік 4-цыліндравы, 32 к.с. Хуткасць 26 км/г.
2. Аўтобус Я-6 Яраслаўскага аўтазавода (СССР, 1928–1932). Колькасць месцаў для сядзення 27, усяго 36. Рухавік 6-цыліндравы, 73 к.с. Хуткасць 40 км/г.
3. Паўвагонны аўтобус «Leyland» (Англія, 1930–1933). Колькасць месцаў для сядзення 32, усяго 40. Рухавік 6-цыліндравы, 62 к.с. Хуткасць 60 км/г.
4. Аўтобусы ЗІС-8 і ЗІС-16 (СССР, 1934–1938 і 1938–1942). Рухавік 6-цыліндравы, 73 і 85 к.с. Хуткасць 60 і 65 км/г.
5. Вагонны аўтобус ЗІС-154 (СССР, 1947–1950). Колькасць месцаў для сядзення 36, усяго 62. Рухавік 4-цыліндравы дызельны, 110 к.с. Хуткасць 65 км/г.
6. Аўтобус ЛІАЗ-677 (СССР, 1967–1972). Колькасць месцаў для сядзення 25, усяго 80. Рухавік 8-цыліндравы, V-падобны, 180 к.с. Хуткасць 70 км/г.
7. Сачленены аўтобус «Ikarus», мадэль 180 (Венгрыя, 1970–1972). Колькасць месцаў для сядзення 40. Рухавік 6-цыліндравы, 170–200 к.с. Хуткасць да 80 км/г.